Riabiny

Не крыўдуйце, бацькі, але ж…

К нам в редакцию пришло письмо от читательницы. Это крик души. Публикую текст письма:

Думкі аб адносінах бацькоў да дзяцей, аб прыкладах дарослых для іх — даўно хвалююць маю душу. А тут слухі, назіранні — застаўляюць задумацца: куды мы, людзі, кацімся?

Прешы выпадак, які так усхваляваў мяне: на балкон суседняга дома выйшлі дзве пары (недалёка пад балконам гуляюць трое дзетак, на лаўцы сядзяць дзве пажылыя жанчыны). А з балкона нясецца смех і такія словы з “сабачай мовы”, што “вушы вянуць”… Страшна, ганебна! Чаму нікога не саромімся, не паважаем, вядзем сябе, дарослыя, так па-хамску? Гэта чуюць дзеці, якія бы лакмусавыя паперкі ўбіраюць у сябе прыклады дарослых. Што могуць даць такія хамы сваім дзецям?

Другі дзень… Другі эпізод урокаў выхавання.

З прыходам восені прыгожа заірдзелі рабінкі каля дамоў па вуліцы Рабінавай, якія з’яўляюцца цудоўным ласункам зімой для птушак. Але ягады застаюцца толькі на вершалінах, дзе не дастаюць рукі чалавечыя, каб іх знішчыць. Не, не на карысць сабраць, а знішчыць. Усыпаць дарогу імі, пуляць адзін у другога — заняткі падросткаў, во мы іх так навучылі.

Пазіраю ў акно… Ідзе мама з сынком і сустрэла сяброўку, смех, размова пачалася, але сынок просіць да сябе ўвагі і паказвае ручкай на прыгожыя гронкі рабіны. Мама, не адрываючыся ад сяброўкі, ломіць галіну з гронкамі і кідае хлапчуку. Той, пакуль мама вяла размову, рве ягадкі і топча іх ножкамі на падмеценай нядаўна дворнікам дарозе. Я не ўстрымалася, выйшла і спакойна паведаміла, які ўрок мама прыпаднесла сыну. І пачула ганебнае абурэнне.

— Калі табе шкада рабіны, то пазбірай! — прагучала з вуснаў мамы.

— Не, мне не так шкада ягад і галінкі (хаця шкада), як твайго сынка, — адказала я ёй. Але настрой быў сапсаваны тым, што мама не зразумела сваёй памылкі.

Вось такія ўрокі замест таго, каб дзецям паказваць прыгажосць навакольнага свету, яго багацце. Разглядаць кветачкі, матылькі, птушачкі, не прычыняючы ім злобы. А як гэта ў дзяцінстве запамінаецца на ўсё жыццё! Памятаю: тата вывеў нас зорным вечарам на вуліцу і паказаў сузор’і млечны шлях, вялікую і малую мядзведзіцы, расказаў, як адрозніць месяц маладзік ад старэючага, палярную зорка…

Цяпер дзеці ў пясочніцы — бацькі ў мабільніках, альбо плююцца сланечнікам, а яшчэ лепш, аздабляюць душу напоямі, пры дзецях. Як гэта страшна!

Вось і здзіўляемся пачутым: сын забіў бацьку, вучань з сякерай прыйшоў разлічыцца з настаўніцай, азвярэлы бацька кідае з балкона нямоўля, якое плача, п’яная кампанія — сабаку.

Людзі, страшна робіцца за будучыню ўнукаў. Мы становімся драпежнікамі, якія ж у некаторых чэрствыя душы!

Нам патрэбна назіраць і вучыцца адносінам да сваіх дзяцей у некаторых жывёл.

Хвалююся. Не стала гаспадара шпакоўні, яго аздобленае жыллё засталося. Але неўзабаве вавёрачка вывела тут сваіх дзетак і прыладзіла пад кладавыя для арэхаў.

Некалькі дзён я назірала за клопатамі мамы-вавёркі. Яна па жэрдачцы вучыла хадзіць сваё дзіця. Як гэта захапляла! На жаль, мая радасць была кароткай, бо знайшліся чэрствыя людзі і ўсё парушылі…

Давайце задумаемся, дарослыя: колькі часу мы трацім на дзяцей, каб разам з імі гуляць, чытаць, працаваць, вучыцца? А то бывае — дзеці ў бабуль, бацькі на працы ці ў вольны час — на рыбалцы, з сябрамі, а дзеці прадастаўлены самі сабе…

Дык вось, таты, для вас урок, які я пачула з вуснаў ксяндза Дзмітрыя.

Сын пытае ў таты:

— Колькі, тата, зарабляеш за адну гадзіну працы?

— А што табе? Што зарабляю — маё! Хочаш, каб табе даваў? Такога не будзе!

Хлопец, выслухаўшы бацькавы словы, адышоў.

Назаўтра пытанне паўтарылася.

— Ну, 100 долараў зарабляю, — адказаў тата.

— Дай мне, калі ласка, 50.

І тут тата захацеў праверыць, нашто сыну грошы, і даў яму гэтую амерыканскую банкноту. А сын сабраў яшчэ свае зберажэнні і прынёс тату 100 долараў.

Тата здзівіўся:

— Навошта ты мне аддаеш іх?

тады сын з роспаччу паведаміў:

— Я хачу ў цябе, тата, купіць гадзіну часу, каб ты правёў яе разам са мною.

Вось гэты роздум — адказ на выпадкі нашага выхавання дзяцей. І, калі гэтыя радкі прымусяць задумацца хаця б аднаго бацьку — будзе для мяне ўзнагарода. Бо, як яскрава відаць, некаторыя бацькі не сталі маякамі, што нясуць святло і дабро для сваіх дзяцей. І няхай на мяне не крыўдуюць тыя, што з’яўляюцца выключэннем.

Алена Блажыеўская.

Post Author: admin

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *